Палясоўшчык Тарас за сваю верную службу быў у ласцы ў пана. З ранку да вечара ён прападаў у лесе.
Аднойчы, палюючы на цецерукоў сутыкнуўся з мядзведзем. Стрэльба яго не спрацавала, давялося Тарасу ратавацца ўцёкамі. Паслізнуўся ён і зваліўся ў яму, трапіў у нейкае незнаёмае месца:
<span>...Як там прыгожа!
Як быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа...</span>
Хлопчык з лукам і стрэламі, які «ці то прыйшоў, ці прыляцеў», патлумачыў палясоўшчыку, што дарога вядзе з таго свету на Парнас.
Прайшоўшы вёрст дзесяць, Тарас убачыў тару, а пад ёй шмат людзей з паперамі і кнігамі і — «ўсе паны». Штурхаючыся, спрачаючыся, яны лезлі на гару. Адзін з іх патрабаваў, каб яго прапусцілі, інакш у газеце «аблае на ўвесь свет, як Гогаля ў запрошлым леце». Паўз Тараса «як птушкі праляцелі» Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі і Гогаль.
Палясоўшчык узлез на гару і ўбачыў новы будынак, абнесены яловай агароджай. На двары хадзіла ўсякая жыўнасць. У хаце багі займаліся хто чым: Няптун ладзіў сеці, Сатурн падплятаў лапці, Марс з Геркулесам на пацеху старому Зеўсу біліся, Амур жартаваў з дзеўкамі. Зеўс, варухнуўшыся на печы нагадаў пра абед.
<span>Багі паселі ўкруг стала,
I стравы смачны з печы Геба
Насіць да столу пачала.</span>
Пасля добрага абеду багі пайшлі ў скокі. Калі дудар зайграў знаёмую мелодыю, Тарас не вытрымаў «і ад парога, што ёсць духу, скакаць на хату паляцеў». Аж здзівіліся багі яго ўмельству. Пасля зацікавіліся, хто ён і адкуль. Палясоўшчык расказаў, як трапіў на Парнас, і пачаў прасіцца дамоў. Па загаду Зеўса Тараса накармілі, а потым зефіры на крыллях перанеслі яго ў родны лес.
Пасля гэтага здарэння «Тарас ужо не ходзіць так дужа рана па лясах».