Тэма народнай нядолі, бяспраўя селяніна — асноўная ў творчасці пісьменніка.
Ф. Багушэвіч свядома гіпербалізуе карціну бяспраўя і галечы, сацыяльнай няроўнасці, у якой жыве народ. Гэтай мэце служыць прыём кантрасту, дзе супрацьпастаўлены малюнкі беднасці і галечы адных малюнкам багацця і раскошы іншых. У вершы «Бог не роўна дзеле» паэт піша:
Чым-то дзеіцца на свеце,
Што не роўна дзеле Бог?
Адзін ходзе у саеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай — велькі труд;
Весь, як рэшата, свіціцца,
Адны латы, адзін бруд!
У творах Ф. Багушэвіча мы бачым глыбокі аналіз тых працэсаў, што адбываліся ў Беларусі пры канцы XIX ст.: узмацненне палітычнага і нацыянальнага ўціску з боку самадзяржаўя, паглыбленне сацыяльных канфліктаў і, з другога боку, абуджэнне народнай думкі, унутраная патрэба селяніна вырвацца са спрадвечнага кола прыніжанасці, сцвердзіць сябе як асобу.
Герой верша «Дурны мужык, як варона» ўсведамляе, што ўсё ў свеце зроблена яго рукамі, але карыстацца вынікамі сваёй працы ён не мае магчымасці:
Ці ж не дурань мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі...
Адсюль і рэфрэн верша, напоўнены горыччу і іроніяй:
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!