Ответ:
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,—
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю,—
Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.
ІІ
На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.
У нагах у яго рассцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат з сям’ёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў — біў паклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы князевы — ў полі і дома,
Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма.
Объяснение: