Вобраз князя Вітаўта не мог не адбіцца і ў народнай памяці. Апошнім часам у друку з’явіліся публікацыі, якія закраналі тэму народнай памяці пра Вітаўта: у артыкулах «Беларусы ведалі сваіх герояў»[1]<span> Э. Зайкоўскага і «Образ князя Витовта в народной культуре белорусов»</span>[2]Ю. Гурскай.
Жыццё Вітаўта ў чымсьці нагадвае жыццёвы шлях полацкага князя Усяслава Брачыславіча (блізу 1029 — 1101 гг.) Абодва князі дамагліся найбольшага ўздыму для сваёй дзяржавы, уладарылі доўгі час, абодвух лёс вымушаў уцякаць з айчыны, пакідаць пасад, а потым зноў узносіў на вяршыню славы. Адзін з іх нарадзіўся ад «валхвавання», а другі быў сынам вайдэлоткі Біруты. Усяслаў і Вітаўт ёсць самымі вядомымі гаспадарамі ў гісторыі Беларусі. Абодва пакінулі след у літаратурнай спадчыне: Усяслаў — у «Слове пра паход Ігаравы»; Вітаўт — у «Пахвале Вітаўту», «Песні пра зубра» М. Гусоўскага, «Прускай вайне» Я. Вісліцкага. Народная памяць таксама захавала вобразы князёў: лічыцца, што Усяслаў быў апісаны ў быліне пра Вольха Усяславіча. А Вітаўт? Пра Вітаўта захаваліся легенды і паданні, і, як трапна заўважыў Э. Зайкоўскі, па колькасці прысвечаных Вітаўту тапонімаў ён бясспрэчна стаіць на першым месце сярод асобаў беларускай гісторыі[3]. У паданнях вялікі князь літоўскі вядомы пад імёнамі Вітаўт, Віт, Віток, Вітыўт, Вітоўт, Вытыў, Вітольд, Вітулт, Вітэлт. Дык як жа ўспрымала насельніцтва князя Вітаўта, які след ён пакінуў у памяці народу? На гэтыя пытанні мы і паспрабуем адказаць у нашым артыкуле.